Министерство образования Республики Беларусь
Управление образования Гродненского райисполкома
Государственное учреждение образования
Новоселковская базовая школа
Гісторыя Навасёлкаўскай базавай школы
У пятнаццаці кіламетрах ад абласнога цэнтра – горада Гродна – размясцілася адносна маладая вёска Навасёлкі, якая ўзнікла ў канцы 50-х гадоў XX стагоддзя на месцы былога маёнтка Дубніца. Пасля ўтварэння тут калгаса імя В.І. Леніна ў 1969 годзе было прынята рашэнне аб неабходнасці пабудовы ў вёсцы школы.
Наша гісторыя пачалася ў 1970 годзе, калі была адкрыта Навасёлкаўская васьмігадовая школа. І вучні, і настаўнікі атрымалі магчымасць знаходзіцца ва ўтульных умовах. Да гэтага часу дзеці навучаліся ў Саламянскай школе, якая размяшчалася ў драўлянай хаце з пячным атапленнем і невялічкімі пакоямі. І вось прыйшло сапраўднае свята: першага верасня 1970 года празвінеў першы званок у сценах двухпавярховага прасторнага будынка Навасёлкаўскай школы, які выглядаў магутным гігантам. У самым канцы вёскі, на ўзгорачку, далёка ад іншых пабудоў, школа стала своеасаблівым маяком, які нагадваў аб новай эры ў жыцці наваколля. І яна настала.
Будынак у Навасёлках першапачаткова быў запланаваны як школа-клуб, таму частка спартыўнай залы была адведзена пад сцэну, тут жа адбываліся сходы калгаснікаў. Тыпавы план базавай школы прадугледжваў наяўнасць дванаццаці прадметных кабінетаў, настаўніцкай, адміністацыйных пакояў, сталовай, спартыўнай залы, гардэроба. Спачатку нават настаўнікі кватаравалі ў самім будынку школы. З бліжэйшых вёсак (Саломенка, Путна, Дайлідкі) дзеці ішлі за ведамі ў Навасёлкі. Менавіта ішлі, бо некаторы час транспарту для падвозу не было, прыходзілася пехатой пераадольваць кіламетры дарогі, а калі прырода дазваляла сабе пасваволіць, то дзеці не маглі сюды дабрацца. На зімовы час некаторыя здымалі кватэру. Хутка калгасам быў арганізаваны падвоз дзяцей з навакольных вёсак аўтобусам. Пакуль добрых дарог не было (як успамінаюць настаўнікі-ветэраны), у дажджлівае надвор’е хадзілі на працу ў гумовых ботах. Але інфраструктура хутка займала пазіцыі.
Насупраць школы быў узведзены “настаўніцкі дом”, куды адразу засяліліся і дырэктар, і іншыя настаўнікі з сем’ямі. Побач з’явілася новая калгасная кантора, потым – дзіцячы сад. Як грыбы, вырасталі дамы. Была пракладзена надзейная дарога. Вёска разрасталася, рэйтынг вышэйшай адукацыі павялічваўся, таму з 1981 года школа была рэарганізавана ў сярэднюю. Распачаўся перыяд росквіту нашай установы. Праслаўлялі яе і вучні, і выпускнікі, і работнікі. Утульна было ўнутры і звонку. На тэрыторыі квітнеў сад, спеў ураджай на вучэбна-вопытным участку, нават цяпліцы былі ўзведзены.
Першым дырэктарам Навасёлкаўскай школы быў Мікалай Міхайлавіч Бачуля, які працаваў на пасадзе дванаццаць гадоў. Ён прыйшоў з Саламянскай школы і працягнуў распачатае там. Сапраўдны руплівец на ніве народнай асветы, выдатны педагог, ён вёў наперад, самааддана прысвячаючы сябе любімай справе. Пабудаваную на ўзгорачку школу ён называў “куточкам нябеснага раю”. З 1982 па 1994 гады школа працавала пад кіраўніцтвам трох дырэктароў: Маханько Зінаіды Уладзіміраўны, Фунта Васілія Уладзіміравіча, Гаўрылава Міхаіла Мікалаевіча. Усе яны старанна клапаціліся аб даверанай ім установе, ствараючы спрыяльныя ўмовы для працы і вучобы. З 1994 па 2010 год педкалектыў узначальваў Сільвановіч Віктар Міхайлавіч, ён быў дбайным гаспадаром школьнага дома.
З 2010 па 2018 год дырэктарам быў Батура Андрэй Віктаравіч. Карпатлівы і ініцыятыўны, ён уласным прыкладам натхняў калектыў пакараць адукацыйныя вышыні. Знамянальна тое, што ўсіх першых дырэктараў суправаджалі баявыя сяброўкі – жонкі, якія ішлі поплеч, працавалі ў адной установе, заўсёды падтрымлівалі. Потым кіраванне прыняла Буглаева Ала Мікалаеўна, якая, як вопытная і крэатыўная гаспадыня, пяшчотна клапацілася аб роднай установе. У спіс дырэктараў трапіў і Аўтух Іван Пятровіч. Ён таксама шмат рабіў для таго, каб падтрымліваць існуючы аўтарытэт школы. Зараз капітанам прызначана Толкіна Алена Уладзіміраўна. Яна ўдала захоўвае створаныя традыцыі і апрабіруе навацыі. Сама выпускніца гэтай школы, а потым настаўніца, моцна прыкіпела душой да ўстановы.
Асаблівай увагі заслугоўваюць настаўнікі-ветэраны. Браніслава Іванаўна Стальмакова з першых дзён адкрыцця школы даводзіла да вучняў азы хіміі і біялогіі, старанна вяла ўрокі на працягу трыццаці навучальных гадоў. З выхадам на пенсію доўгі час працавала гардэробшчыцай, а ў вольны час займалася фітадызайнам школьнай тэрыторыі. Клапатлівыя і далікатныя рукі ўчарашняй настаўніцы вырошчвалі шыкоўныя кветкі з кволага маленькага парастка. Насенне, дарэчы, Браніслава Іванаўна таксама збірала самастойна. Нават калі пакаёвыя кветкі ў кабінетах захворвалі, настаўнікі адпраўлялі іх на лячэнне да чароўнай феі, якая вяртала іх ужо здаровымі і ў пышнай квецені.
Марыя Эдуардаўна Сідаровіч пачала выкладаць родную мову ў “да болю родных Навасёлках” у 1973 годзе. У хуткім часе атрымала пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Потым, калі выйшла на заслужаны адпачынак, заведвала гаспадарчай часткай. Яна заўсёды імкнулася, каб у памяшканнях было чыста, утульна, арганізоўвала рамонт у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі. Вокны Марыі Эдуардаўны выходзяць на школу, таму пільны загадчык гаспадаркі ў любы час дня і ночы мела магчымасць кантраляваць сітуацыю.
Трымаюць сувязь з калектывам і іншыя настаўнікі-ветэраны, якія таксама да гэтага часу жывуць у легендарным настаўніцкім доме. Іх самаадданую працу помняць і цэняць як былыя вучні, так і калегі. Прафкам не забывае павіншаваць ветэранаў са святамі і запрасіць на ўрачыстасці.
Праслаўляюць Навасёлкаўскую школу і вучні. За увесь перыяд існавання школы сярэбраным і залатым медалём узнагароджаны 13 выпускнікоў. Пасведчанне аб заканчэнні базавай школы асобага ўзору ўручана 27 вучням. Запісаны ў гісторыю стабальны вынік на цэнтралізаваны тэсціраванні па матэматыцы Удавенкі Кацярыны. Паспяховым стаў Куніцкі Андрэй Іосіфавіч – майстар спорту міжнароднага класа па веласпорце.
З кожным годам колькасць вучняў памяншаецца, гэта выклікае сум і трывогу. 2013/2014 навучальны год мы пачалі ў статусе базавай школы. Аднак хочацца верыць, што апошняя старонка гісторыі нашай Навасёлкаўскай школы будзе дапісана яшчэ не хутка.